2/10/2025

Школішча - to be or not to be...

- сьмерць ХАМАСу і ўсім яго хаўрусьнікам! / смерть ХАМАСу и всем его приспешникам! -

Пасколькі ў апошні час роля і месца габрэяў у магілёўскай гісторыі нібыта калючка раніць вочы некаторым асобам, паспрабуем ніжэй разабрацца, адкуль узялося Школішча, і дзе яно знаходзілася.
Спачатку зьвернемся да крыніц, адкуль пайшла тая назва "Школішча".
Назва гэтая адсутнічае ў габрэйскіх мовах, але ёсьць клясічным пазначэньнем габрэйскага кварталу ў беларускіх гарадах і мястэчках. Школішча можна сустрэць у Слуцку, Мьсціславе, Копысі і г.д. Адпаведна слоўніку беларускіх геаграфічных назваў (І.Я. Яшкін, Менск, 1971):
Габрэйскія малітоўныя дамы (сінагогі) і дамы вывучэньня Торы (бэйт-мідрашы) сярод негабряў мелі раней агульную назву "малітоўная школа", ці проста "школа". А раён вакол яе, адпаведна, называўся "Школішчам".

Магілёўскае Школішча вядомае нам з 1626 г. Летапіс Трубніцкага прыводзіць грамату Жыгімонта ІІІ, паводле якой габрэі павінны быць выселеныя з верхняга гораду і атрымаць адпаведныя ўчасткі зямлі ў ніжнім горадзе, за валам, на Школішчы. Дакумент гэты нажаль не дайшоў да нашых дзён (ён быў згублены яшчэ ў 18 ст.). Вось як пра гэта пішуць "Губернскія ведамасьці" (№ 40, 1859 г.):
Аднак іншая выдадзеная ў 1633 г. каралём Ўладзіславам ІV з паўторам загаду аб высяленьні захавалася і даступна кожнаму ў выданьні 1824 г. "Беларускі архіў старажытных грамат" (хутка будзе дададзены ў нашу Бібліятэку):
Як мы бачым, Школішча як назва і як раён існуе ў горадзе Магілёве з першай паловы 17-га ст. і да 1941 г. было заселена амаль выключна габрэямі. Паралельна існавала таксама назва "жыдоўнік", аб чым сьведчыць артыкул у "Губернскіх ведамасьцях" (№46, 1848 г.), дзе абедве назвы прыводзюцца адначасова:
Цяпер паспрабуем высьвятліць, дзе ж тое магілёўскае Школішча знаходзілася і якія межы мела.

Месца знаходжаньне "старай школы", тобок першай магілёўскай сінагогі, вядома дакладна. Яна стаяла паміж вуліцай Вялікай Мяшчанскай і кляштарам Бернардынаў. У 1633 г. выселеныя габрэі атрымалі каля гэтай сінагогі надзелы зямлі адпаведныя іх маёмасьці ў верхнім горадзе. Чаго на той момант хапала на тое, каб заняць адну вуліцу, якая потым будзе мець назву Вялікая Мяшчанская (Вялікая Грамадзянскай). Гэта бачна таксама на пляніку з "Хронікі беларускага горада Магілёва" М. Гартынскага, які адлюстроўвае стан гораду на час І падзелу Рэчы Паспалітай. Тут вельмі добра бачны подпіс "еврейское Школішче" уздоўж вуліцы В. Мяшчанскай:
З хуткім ростам габрэйскай суполкі горада на пачатку 19 ст., расьце таксама і Школішча, якое ў першай палове 19 ст. займала ўсё падвальле да пачатку балоньня - заліўных лугоў ніжэй заселеных кварталаў. Вядома, што ўся паўднёвая частка горада як мінімум у 19 ст. падзялялася на тры мясцовасьці: Школішча, Балоньне і Падмікольле. Падмікольле - квартал вакол жаночага манастыра сьв. Мікалая, знаходзіўся на ўсходзе. Школішча - габрэйскае паселішча, на захадзе. А Балоньне (па простаму заліўны луг) займала паўднёвую частку. Дарэчы, вось тлумачэньне назвы "балоньне" з узгаданага вышэй слоўніку беларускіх геаграфічных назваў:
"Балоньне" дае нам магчымасьць амаль дакладна вызначыць паўднёвую мяжу Школішча. Заходняй мяжой быў Дняпро, а ўсходняя мяжа не была адназначнай. Напрыканцы 19-га ст. габрэі засялялі таксама паўночную частку Падмікольля да Дзебры, даліна якой таксама была заселеная габрэямі. Аднак абмяжуем клясічнае Школішча Касьцярнёй (плошчай Арджанікідзэ), бо за Касьцярнёй нацыянальны склад кварталаў быў ужо не настолькі аднастайным.
Пад пытаньнем застаецца толькі кавалак ніжняга гораду, дзе стаяў кляштар Бернардынаў і Пакроўская праваслаўная царква. Ці можна аднесьці яго да Школішча, бо па сутнасьці гэтыя дзьве ўстановы ніякім чынам не былі зьвязаныя з габрэямі? Мы можам зараз бясконца спрачацца, наколькі гэта лагічна ці парадаксальна, але "Губернскія ведамасьці" (№36, 1864 г.) адназначна адносюць сінагогу, кляштар і царкву да агульнага раёна "Школішча", чым падкрэсьліваюць паўднёвую мяжу гэтай мясцовасьці. Мікольская царква з яе аколіцамі ляжыць паводле гэтага артыкула па-за межамі Школішча, такім чынам пацьвярджаецца падзяленьне ніжняга гораду глабальна на Школішча (заходнюю частку) і Падмікольле (усходнюю частку):
Падагулім усё вышэй сказанае: магілёўскае Школішча было створанае пасьля 1633г. пад гарадскім валам і спачатку займала тэрыторыю вул. В. Мяшчанскай. З цягам часу яно пашырылася на вуліцу Падвальную, а потым заняло ўсю населеную частку ніжняга гораду да заліўных лугоў на поўдні і кварталаў вакол Мікольскага манастыра на ўсходзе. Унутры Школішча ў, так бы мовіць, атачэньне трапілі кляштар Бернардынаў і Пакроўская царква. На Школішчы таксама знаходзілася як мінімум 7 сінагог: Халодная, Альтшулера (В. Мяшчанская), Зрызім (В. Мяшчанская), Вацікін (В. Мяшчанская), Шкляная (на школішчы), Любавічская (В. Мяшчанская), Мясніцкая (Падвальная).
І напрыканцы прывядзем межы першага гетто, якое было ўтворанае нацыстамі акупантамі ўлетку 1941 г. (куды акрамя Школішча ўключана таксама і ўсё Падмікольле разам з манастыром, што яскрава адлюстроўае нацыянальны склад насельніцтва той мясцовасьці ў першай палове 20-га ст.):
У сувязі з абставінамі ў краіне і сьвеце, старонка далучаецца да пратэсту
В связи с ситуацией в стране и мире, сайт присоединяется к протесту:
- супраць вайны і ўрываньня ва Ўкраіну / против войны и вторжения в Украину,
- супраць фальсіфікацыі выбараў / против фальсификации выборов,
- супраць гвалту да мірных грамадзян / против насилия над мирными гражданами,
- супраць узурпацыі ўлады / против узурпации власти,
- супраць ціску і перасьледу людзей за іх погляды і палітычную пазіцыю / против давления и преследования людей за их взгляды и политическую позицию,
- супраць блакіроўкі незалежных сайтаў / против блокировки независимых сайтов.

Комментариев нет:

Отправить комментарий